Што бачу? – ўсё ціха, ўсё спіць пад няславай…
Ці-ж праўда? – няўжо гэта вораг асіліў?
Няўжо ўсе байцы за народную справу
Тыранам зможаны, леглі ў магілы?

Няўжо ўвесь народ упаў гэтак нікчэмна
І даўся без голасу дэспату ў рукі?
Няўжо дух свабоды, дух сілы мяцежнай
Замёр і не ўскрэсіш ніякай прынукай?

Ці-ж мала няшчасцяў, ці-ж мала слёз мора?
Ці-ж мала кайданаў, мучэнняў не ў меру?
О, не! Штосьці сэрца іначай гавора, -
Я гэтакай цішы не веру, не веру!

Так толькі бывае прад летняю бурай
І птушка замрэ, й пагляд сонца нясмелы,
На небе ж збіраюцца хмура за хмурай,
І гром заграхоча, і дрогне свет цэлы!

А хто там ідзё, а хто там ідзё
У аграмністай такой грамадзе?
- Беларусы.
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках ў крыві, на нагах ў лапцях?
- Сваю крыўду.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?
- На свет цэлы.
А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон?
- Бяда, гора.
А чаго ж, чаго захацелася ім,
Пагарджанным век, ім, сляпым, глухім?
- Людзьмі звацца.

PS даа, это мы нынче проходим по сравнительной грамматике славянских языков. на украинском вообще анекдоты читали =)